Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 9 человек

Рыхтуемся да пазакласнага чытання "У любую пору года слухай родную прыроду. Зімняя старонка"

Дата: 19 января 2021 в 18:23
3 475 просмотров

Генадзь Аўласенка
Хто як зімуе
Моцна спіць зімой вавёрка — у яе пад снегам норка. А ў бярлозе, у бары, смокча лапу лось стары. I казуля не ўтрывала і таксама прыдрамала ў нары, у гушчары, да вясновае пары. Спіць яна і бачыць сны аж да самай да вясны.
Зайцы ў вырай адляцелі, заставацца не схацелі, бо зімою халады — недалёка да бяды. А яшчэ, скажу вам шчыра, і ваўкі зляцелі ў вырай, а за імі да пары адляцелі і зубры. Замест іх павесяліцца прыляцяць да нас лісіцы, каб у нас зазімаваць, падзяўбаць-пачаставаць ягадак рабіны ды яшчэ каліны.
А бабёр па верхавінках спрытна скача па галінках. На сасне ў яго дупло — там утульнае жытло. Там арэхі пра запас, а запас зімой — якраз! Усю восень працаваў — шмат арэхаў назбіраў. I грыбы бабёр шукаў, на галінкі іх чапляў, так што зараз у бабра — процьма ўсякага дабра!
Ну, а вожык у бары спіць дзянёчак у нары. А прачнецца на змярканні — і бяжыць на паляванне.
А барсук, браткі мае, на зіму гняздзечка ўе! Там выводзіць дзіцянятак, маладых барсучанятак. А каб зімку перажыць — любіць шышкі церушыць. Трушчыць адмыслова, майстра — адно слова! Ну, а з шышак семяно — вельмі смачнае яно — ён прыносіць дзіцяняткам, маладым барсучаняткам. Корміць іх, засцерагае, цёмнай ноччу сагравае, каб яны хутчэй раслі, каб здаровымі былі.
Вось мядзведзю незадача — ён па гурбах так і скача! I баіцца, і дрыжыць — небараку цяжка жыць! Ён не мае абароны ад сарокі ды вароны. А сарокі кіпці точаць — спаляваць мядзведзя хочуць! А вароны зубы шчэраць — хочуць бедным адвячэраць! Вось такія вось суседзі злыя ў нашага мядзведзя!
Сам жа ён грызе кару ў гэту цяжкую пару. Можна ўбачыць па слядах — як ён бегаў па садах, як скакаў туды-сюды, як заблытваў ён сляды, каб у снезе дзень ляжаць ды ад страху зноў дрыжаць...
А цяпер, сябры, увага!
Можа, будзе ў вас заўвага?
Можа, штосьці я змяніў, можа, дзесьці я зманіў?
Вы ж памылкі пашукайце, дзе што трэба — памяняйце, каб звяры не бедавалі, а як трэба зімавалі.
Пастарайцеся, сябры, — дзякуй скажуць вам звяры!

Міхась Даніленка
Ключы бабулі Зімы
Славік сядзеў з бабкай Настуляй на лавачцы каля хаты. Абое пільнавалі драздоў. Унадзіліся тыя лятаць з лесу на рабіну, што чырванее гронкамі ў агародчыку.
— От шылахвосты, — уздыхае бабка. — Ведама, к зіме ягады саладзейшымі робяцца. Дразды і ласуюцца імі.
Старэнькая яна, бабка Настуля. Сядзіць з кіёчкам, грэецца на асеннім сонцы ды жмурыць старэчыя вочы. Дзе ўжо ёй тых драздоў ганяць.
— Ты ўжо глядзі, Славічак, — кажа яна ўнуку, — хітрыя яны, дроздзікі.
Ды Славік не вельмі пільнуе рабіну. Ён то ганяе па двары жалезны абруч, які яму прынёс з кузні бацька, то спрабуе злавіць шаўкавістую павуціну, што праплывае ў празрыстым паветры.
3 неба даносяцца тужлівыя крыкі: «Курлы! Курлы!»
— Бабка! — тармосіць хлопчык за рукаў бабулю. — Глядзі: птушкі!
Бабка доўга ўзіраецца пабляклымі вачыма ў неба, нешта сама сабе шэпча і ўздыхае.
— Жураўлі, унучак, адлятаюць ад нас, — гаворыць яна. —Лета замыкаюць. Хутка лецейка ключы бабулі Зіме перадасць.
— А якія тыя ключы? — пытае Славік. — Калі іх лета перадасць зіме?
Бабка Настуля некаторы час маўчыць. Потым ласкава гладзіць бялявую галаву ўнука і, усміхнуўшыся, прапануе:
— А мы будзем з табой, галубок, кожны дзень пільнаваць, калі лецейка зіме ключы аддасць. Добра?
3 таго дня Славік пільнаваў не так рабіну, як той момант, калі лета перадасць зіме ключы.
Аднойчы бабка Настуля паказала Слаўку на павуцінцы, што зачапілася за галінку рабіны, малюсенькага павучка. Ён, мабыць, таксама, як і жураўлі, адлятаў у цёплыя краі.
— Крыльцаў не мае, дык на павуціне падарожнічае, — тлумачыла бабка. — А вунь і пасланец бабулі Зімы на нашай рабіне ўсеўся.
На што ўжо добрыя вочы ў Славіка, а і то ён ледзь разгледзеў на рабіне чырванагрудую птушку. Яна сядзела і чысціла пышныя пёркі.
— Снягір, — сказала бабка. — Сняжок ён любіць. Бачыш: грудзі ў яго, бы ранішняя зара на зімовым небе.
А яшчэ праз колькі дзён лужыну, што была каля іхняга двара, скаваў тонкі чысты лядок. Праз той лядок усё-ўсё відаць. Лядок быў і на Мацвеевай копанцы. Калісьці ўвесну там звонка крычалі жабы.
— Глядзі, — паказала бабка Славіку на шэры камячок пад лёдам.
— Жаба?! — не паверыў сваім вачам хлопчык.
— Да зімы падрыхтавалася, — кіўнула галавой бабка. — А вясной адтае зямля, пацяплее. Тады і яна ажыве, заспявае сваю песню з сяброўкамі.
А яшчэ Славік бачыў на прыпудранай інеем зямлі каля самага агародчыка сляды зайца, бачыў сонных мух, што забіліся ў шчыліны бярвенняў. Шмат чаго цікавага паказвала бабка.
— Калі ж тое лета бабулі Зіме ключы перадасць? — дапытваўся хлопчык. — Хутка ўжо і снег пойдзе.
— А ты, унучак, не спяшайся, — суцяшала Славіка бабка.— Ты ж ужо і так трохі больш убачыў, чым раней. А падрасцеш, яшчэ ўважлівей будзеш да ўсяго прыглядацца. Тады — я ўпэўнена — не прапусціш і ключы, якія лета бабулі Зіме ўручае…
— А ты, бабка, ніколі не прапускала?
— Я, галубок, і цяпер стараюся не прапусціць, — усміхаецца бабка Настуля. — Васьмідзесятую зіму сустракаю...
У тую ноч Славіку прысніўся сон. Быццам на зялёным лузе, не дакранаючыся да травы, плыве ў вянку з палявых рамонкаў Лета. Яго косы — залацістыя промні — яркім ззяннем аж слепяць вочы. А насустрач, пакрэктваючы, спяшаецца Зіма. Валёнкі ў яе цёплыя, рукавіцы вялікія. Узмахне Зіма рукавом кажуха — і рой сняжынак, быццам белыя матылькі, сыплецца на зямлю. Жабкі, жучкі хутчэй хаваюцца. Аддало Лета прыгожыя серабрыстыя ключы. Зіма ўзяла іх, нахмурыла сівыя ад інею бровы і павярнула ключыкам нябачны замок. I адразу ўся зямля пакрылася белай-белай прасціною…
Расплюшчыў Славік вочы, а ў пакоі і сапраўды неяк нязвыкла светла. Кінуўся ён да акна і радасна закрычаў:
— На дварэ снег! Лета бабулі Зіме ключы перадало!

Рыгор Ігнаценка
Ягады пад снегам
Не раз прыкмячаў багатыя журавінавыя мясцінкі, каб потым, узімку, раскапаць снег і набраць ягад. Але колькі ні капаў, ягад не знаходзіў. Ці хто з вяскоўцаў раней трапляў на мой не́руш , ці птушкі якія з’ядалі — не ведаю.
Тады я інакш зрабіў. Назбіраў галінак і шчыльна заслаў імі багатую на журавіны лапінку. I чалавек не заўважыць, і птушка не падлезе.
Зіма доўгая. Ягады, назапашаныя ўвосень, на капусту-шаткаванку скарысталі ды на кісель. Паступова перанесліся яблыкі з гарышча. Нават мёрзлыя і тыя падабраліся. У сярэдзіне зімы рэдка ў каго добры яблык знойдзеш.
Прыйшоў час журавін. Рукзак за плечы, на лыжы — і на знаёмае балота.
Вось і хвойка з меткай — пасмай сухога моху, прывязанага да ствала. Не спяшаючыся разграбаю снег.
Дабіраюся да галінак, уздзіраю іх, і — о цуд! — перада мной рыжы мяккі машок, а на ім, нібы дарагія кара́лі, журавіны гараць. Асцярожна бяру ў пальцы. Яны халодныя, мёрзлыя. Кідаю ў цэлафанавы мяшэчак ягаду за ягадай — звіняць, як крышталікі. Не паспеў і паўмяшэчка набраць, як ужо і госця з’явілася — сойка. Села на вершалінку хвойкі, узбуджана закрычала: «А мне! А мне!» Жоўта-сінім агеньчыкам бліснула сінічка, скача, стараецца з-пад самых рук маіх журавінку выхапіць. Таксама, бач, кісленькага ёй захацелася. Потым даўгахвостая сарока прыляцела, затрашчала на ўсё балота: «Пак-кінь тр-ро-хі! Пак-кінь тр-ро-хі!»
Так я і зрабіў. Няхай, думаю, і сойка ягаду-другую здзяўбе, і сінічка з сарокай пала́суюцца. А можа, яшчэ хто з лясных насельнікаў на гэту прагалінку завітае ды журавінамі пачастуецца. Зімою свежая ягада даражэйшая за цукерку.

Клаўдзія Каліна
Зімовы Дуб
Ідзе лесам Лістапад, лісце сыплецца, як град, сякуць дажджы касыя, шумяць вятрыскі злыя… Дрэвы нізка кланяюцца Лістападу, сцелюць да яго ног пажоўклае лісце. Адляцелі ў вырай птушкі, звяры пахаваліся ў зацішак, апусцелі палі.
Задаволены Лістапад: усё скарылася яму. Усміхнуўся, паслаў на зямлю бледны сонечны прамень, глянуў з-за шэрых хмар лапінкай блакіту. Але што гэта? Вунь на ўзлессі раскінуў вецце магутны Дуб, увесь у мядзянай лістоце.
— Чаму ты не скарыўся мне? — грозна спытаў Лістапад.
— Я Зімовы. Таму да вясны буду ў мядзяным убранні.
Угневаўся Лістапад.
— Гэй, вятры буйныя! — паклікаў ён сваіх памочнікаў. — Сарвіце з Дуба яго мядзяны ўбор!
Завылі вятры, зашумелі галіны Дуба.
— Гэй, дажджы халодныя! — гукнуў Лістапад. — Пазбівайце з Дуба лісце.
Секанулі дажджы, забарабанілі па буйным лісці, але Дуб не зварухнуўся.
— Гэй, браце Снежань, — загукаў Лістапад. — Прышлі мне марозу пякучага, завеяў сыпучых, няхай замарозяць, засыплюць снегам непакорнага!
Прымчалі маразы, прыляцелі завеі, марозілі, снегам секлі, але не скарыўся Дуб.
Спахмурнеў Лістапад і адступіўся ад цара лесу… Усю зіму стаіць Дуб у сваім мядзяным адзенні. Толькі вясною ненадоўга скідае яго, каб пераапрануцца ў новае, зялёнае. За гэта называюць яго Зімовым Дубам.

Кандрат Крапіва
З Новым годам
Год за годам — карагодам,
I ужо сёння з Новым годам
Я сардэчна, ад душы
Вас віншую, малышы!
А чаго ж я вам жадаю?
Зараз, зараз прыгадаю...
Каб бадзёрымі былі вы,
Каб разумнымі раслі,
Каб прынёс вам Новы год
Многа радасных прыгод
I здароўя ў вашы хаты, —
Каб былі здаровы самі,
Каб былі здаровы мамы,
Каб былі здаровы таты,
Каб не ведалі напасці,
Каб і я за вас быў рад.
З новым годам!
З новым шчасцем!
Вас віншуе дзед Кандрат.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.