Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 9 человек

Рыхтуемся да пазакласнага чытання

Дата: 29 ноября 2020 в 14:09
832 просмотра

Мядзведзь
Уладзімір Дубоўка
Набліжалася восень, набліжалася і пара капаць бульбу. Трэба было адрамантаваць для гэтага кошыкі, сплесці новыя. Узяўшы лодку, я перабраўся на другі бок ракі Бірусы, нарэзаў добрай лазы, аднёс у лодку. Пасля падумаў: «Дай прайдуся борам, можа, дзе знайду сенажатку някошаную, для коз сена накасіць». Падняўся на ўзвышша. Іду. А напярэдадні1, за гадзіны дзве, быў дождж. Тайгу ўсю прамыла, падмаладзіла, а на ўсіх пясчаністых дарожках паразмывала старыя сляды. Ідучы каля адной вывараці2, бачу на пяску адбітак следу, нібыта лапця3. Я, спачатку не звярнуўшы асаблівай увагі, крочу далей. Неўзабаве зноў бачу сляды, зноў лапці на пяску надрукаваны. Спыніўся я, пастаяў над гэтымі слядамі. Колькі жыву ў паселішчы4, не бачыў ніводнага чалавека, абутага ў лапці. Адкуль жа яны маглі ўзяцца ў тайзе? Прайшоў далей, бачу новы доказ таго, што лапатнік гэты — мядзведзь. Я, значыць, іду якраз па гарачых слядах. Ад аднаго следу аж пара… Пастаяў я, падумаў. Нават звычайнай стрэльбы ў мяне няма з сабой, адзін кухонны ножык, якім лазу рэзаў. Змагацца, дужацца з мядзведзем у мяне сілы не хопіць. «Не, пайду я лепш да сваёй лодкі ды дадому паеду».
Павярнуў я з бору ў кірунку да ракі і іду ўзлессем. Глянуў на бор — аж на ўзвышшы, на лясной прагаліне, стаіць мядзведзь ды, не раўнуючы, як фельдмаршал5 які, правую лапу ўгору падняў, нібы на мяне паказвае. Я спыніўся. Што рабіць? Уцякаць — самая апошняя справа. Звер адразу за табой кінецца. «Пайду на яго. Напалохаецца ды пачне ўцякаць сам». Іду. Мядзведзь ні з места. Прайшоў далей — мядзведзь хоць бы скрануўся. Падыходжу яшчэ бліжэй.
Мядзведзь стаіць, як скамянеў. Я тады — куды ж мне дзецца? — як гойкнуў6:
— Ату, давай яго!
Мядзведзь хоць бы што. Калі я прыгледзеўся лепш — гэта гарэлы пень. Каб не тыя свежыя сляды, я на яго ўвагі не звярнуў бы.
Каму, можа, смешна, а мне страху хапіла.

Алесь Пальчэўскі
Верабейчык
Той зімою мы будавалі ў сяле магазін: прасторны, высокі, на цагляным падмурку. Пад канец студзеня, упершыню ад пачатку зімы, пачалася адліга. Дыхнуў з поўдня цёплы ветрык, і заслязіліся стрэхі. Снег памякчэў, і на вуліцы, куды ні глянь, гаманлівыя дзеці гулялі ў снежкі.
Увесь дзень мітусіліся і шчабяталі вераб'і, смялейшыя купаліся ў лужынах. Птушкам, больш, чым людзям, абрыдзелі маразы, і адліга нагадала ім цёплую вясну.
Надвячоркам некалькі верабейчыкаў заляцела на гарышча новага магазіна і зашылася начаваць у прагале паміж кроквай і жалезным дахам. Чаму ім прыйшло ў галаву аблюбаваць такое месца для начлегу, цяжка сказаць.
Уначы нечакана прыціснуў мароз. Падзьмуў паўночны вецер, і раніцай тэрмометр паказаў трыццаць пяць ніжэй за нуль!
Калі мы прыйшлі на работу, знайшлі верабейчыкаў замерзлых. Хтосьці з цесляроў параіў занесці іх у цёплую дзяжурку: можа, адыдуць яшчэ.
Мы хуценька сабралі птушачак у шапку і гуртам кінуліся ратаваць. У дзяжурцы кожны ўзяў па адной у прыгаршчы і пачаў хукаць. Сваім цяплом мы хацелі вярнуць ім жыццё, але ні адна не падавала надзеі.
I раптам на маёй руцэ верабейка расплюшчыў вочы.
— Хлопцы, ажыў! — крыкнуў я ад радасці. — Глядзіць!..
Мы ўсе пяцёра нахіліліся над ім.
— Міргае! Хукай, яшчэ хукай! — раілі мне цесляры, і самі таксама дыхалі на птушачку, якая ляжала бачком на маёй далоні і пазірала на нас. Але чаму ж гэта асцярожнае, такое недаверлівае да людзей стварэнне не спрабуе ўцякаць?
Я павярнуў верабейку на жывоцік. Ён памкнуўся стаць на ножкі, каб адштурхнуцца ад мае далоні, і зноў лёг на бок.
— Падкінь асцярожна ўгару, а мы падставім шапкі. Калі будзе падаць, падхопім, — параіў старэйшы нашай брыгадзе.
Я паслухаўся і падкінуў. Верабейка закружыўся пад столлю. Відаць, сам сабе не верыў, што можа лятаць, бо так весела заціўкаў «Жыў, жыў!», што і нам усім стала радасна.
Верабейка абляцеў некалькі разоў пакойчык і апусціўся на цвік у сцяне. Хацеў ашчаперыць яго сваімі кіпцюрыкамі, як рабіў гэта на тоненькай галінцы, і не змог: паляцеў уніз. Каля падлогі распасцёр крылцы і зноў закружыў па дзяжурцы. Стаміўшыся, сеў на каўнер брыгадзіравага кажуха, што вісеў каля акна.
Мы знялі яго, паклалі на стол, накрышылі хлеба, налілі ў сподачак вады, а самі пайшлі працаваць. Мароз марозам, а рабіць трэба.
У час абеду заўважылі: верабейка трошкі падсілкаваўся і спакойна ляжаў.
Усю зіму верабейка пражыў у нашай цёплай дзяжурцы.
Штораніцы ён весела адгукаўся на прывітанне кожнага, хто прыходзіў да нас.

Адкуль узяўся мядзведзь
Беларускае народнае паданне
Ці ведаеце вы, адкуль узяўся мядзведзь?
Мядзведзь перш быў такі самы мужык, як і ўсе мы, гарапашнікі.
Даўно тое здарылася. Людзей тады было мала. Гэта цяпер так народу намножылася, што ледзь зямля іх падымае. А даўней людзі жылі сям-там па лесе, лавілі звера, птушак, а ў азёрах ды рэках — рыбу. Улетку збіралі ягады або капалі карэнне, рабілі запасы на зіму. Больш за ўсё запасалі арэхаў і мёду. Пчол тады было багата. Яны самі вадзіліся ў дуплах і ў земляных норах. Па лесе і цяпер яшчэ ёсць пчолы ў дуплах. Дык вось людзі і шукалі такіх пчол, і хто першы знаходзіў, таго і былі тыя пчолы. Ён абвязваў дрэва, на якім вяліся пчолы, лічылася, што гэтыя пчолы яго, а таму ніхто не меў права іх чапаць.
Але жыў сярод людзей адзін гультаяваты мужык. Яму не хацелася самому шукаць пчол, дык ён ухітрыўся выдзіраць чужыя. Толькі цяжка яму было ўзлазіць на дрэва. I пачаў ён шукаць ведзьмара.
За сямю лясамі ды за сямю балатамі меўся такі вядзьмар. Вось і пайшоў гультаяваты мужык да яго. Ідзе ён ды ідзе лясамі, бачыць — ліпа абвязана; думае — пчолы. Падышоў бліжэй, зірнуў, аж дупло зусім нізка, а ў дупле — мёд. Выдраў гультай пчол і пайшоў далей. Бачыць — другое дрэва абвязана. Выдраў ён і тут пчол. Сыты і задаволены падыходзіць гультаяваты мужык да зямлянкі ведзьмара. Таго якраз не здарылася дома. Глядзіць мужык, аж тут пры самай зямлянцы ў дрэве пчолы. Давай гэта ён і тых пчол выдзіраць.
Але тут вядзьмар з’явіўся. Зірнуў на чужога чалавека і кажа:
— Раз пагаліўся на чужое, дык з гэтае пары і ты, і твае дзеці, і ўсё тваё кодла будзеце толькі пчол драць!
Абярнуў вядзьмар таго гультаяватага мужыка ў мядзведзя.
Дык вось адкуль узяўся мядзведзь.

Пра зязюлю
Беларускае народнае паданне
Жылі-былі брат і сястра. Брат быў вельмі бедны, а сястра — дужа багатая.
Аднойчы пайшоў брат да сястры, каб хоць кавалкам хлеба дапамагла.
Сястра скупая была, сказала, што ключы ад клеці згубіла. I пачала яна нібы шукаць ключы, а брат стаяў, стаяў пад акном, чакаў, чакаў і нарэшце не вытрымаў і пайшоў.
На дарозе паваліўся і памёр ад голаду.
Сястра зразумела, што зрабіла дрэнна, і стала клікаць брата:
— Якуб, Якуб, вярніся, ключы знайшліся.
Праз сваю скупасць яна зрабілася зязюляй і цяпер увесь час кліча:
— Якуб, Якуб!
Толькі чуваць:
— Ку-ку, ку-ку!

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.