Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 9 человек

Пазакласнае чытанне "Вясна ідзе, вясне дарогу"

Дата: 23 марта 2020 в 21:10, Обновлено 23 марта 2020 в 21:22
2 187 просмотров

Дзе начавалі рукавічкі?
Ядвіга Бяганская

Уночы выпаў снег. Ён заслаў зямлю і дахі дамоў бялюткім чыстым абрусам, надзеў на слупкі парканаў1 высокія пушыстыя шапкі, засыпаў кусты і кветнікі.
Глянула Ірынка ў акно і не пазнала свайго двара: такі ён святочны, такі прыгожы.
А вось і сябры яе — Юра, Надзейка, Віця. Бегаюць, смяюцца, снежкамі кідаюцца. Убачылі, што Ірынка праз акно глядзіць, падбеглі і клічуць:
— Ірынка, ідзі да нас, будзем снежную бабу ляпіць.
I Шарык кліча сваю гаспадыню. Ён глядзіць на яе і весела, звонка брэша.
— Іду! — крычыць праз акно Ірынка і бяжыць апранацца.
Многа насыпала снегу за ноч. Добрую бабу можна зляпіць. Скачалі дзеці вялізны снежны шар, паставілі яго сярод двара ды ўзяліся другі рабіць. Зрабілі другі, крыху меншы, і паставілі яго на той першы.
— Тулава ёсць, — сказаў Юра. — Будзем галаву рабіць.
Скачалі дзеці са снегу трэці, яшчэ меншы, шар і паклалі на самы верх.
— А цяпер трэба зрабіць нашай снежнай бабе вочы, нос і рот, — сказала Надзейка.
Пакорпаўся2 Юра ў адной кішэні, пакорпаўся ў другой і знайшоў дзве новенькія гайкі. Уставіў іх Юра снежнай бабе замест вачэй. Цудоўныя вочы атрымаліся. А там, дзе павінен быць нос, уторкнулі бабе таўшчэзную моркву.
Прыгожая выйшла баба, вясёлая. Да самага абеду гулялі каля яе дзеці.
А калі пачалі разыходзіцца, Ірынка раптам успомніла пра свае рукавічкі і ўсклікнула:
— Ой, а дзе ж мае рукавічкі?! Я іх вось тут, каля гэтага слупка, паклала, калі бабу пачалі ляпіць.
— Зараз знойдзем твае рукавічкі, — сказала Надзейка. — Нікуды яны не дзенуцца.
Доўга шукалі дзеці Ірыны рукавічкі, ды так і не знайшлі.
— Мае рукавічкі... Іх мне бабуля ўвосень звязала... Гэта яе апошні падарунак... — плакала Ірынка. — Я так любіла іх, так берагла... Няма ў мяне больш бабулі і рукавічак яе няма...
Шкада было дзецям Ірынку, пасмутнелі яны, прыціхлі. I рады б дапамагчы сяброўцы знайсці яе рукавічкі, ды дзе іх шукаць — не ведаюць.
Пад вечар дзеці зноў выбеглі пагуляць. Выйшла на двор і Ірынка. Толькі было ёй зусім нявесела. Хадзіла яна па двары, ва ўсе куточкі зазірала, рукавічкі свае шукала.
— I куды яны маглі падзецца? — уздыхала дзяўчынка. — Можа, іх снежная баба схавала?
Сцямнела. У вокнах засвяціліся агеньчыкі. Апусцеў і прыціх двор. Засталася снежная баба адна.
Уночы пацяплела. А пад раніцу прайшоў дождж, і ад снежнай бабы застаўся толькі невялічкі грудок3 снегу, а на ім... чырвоныя Ірыны рукавічкі. Відаць, не заўважылі іх дзеці ды закачалі ў адзін з тых шароў, з якіх рабілі снежную бабу.
Прачнулася раніцай Ірынка, глянула праз акно і вачам сваім не паверыла.
— Рукавічкі! Бабуліны рукавічкі! — радасна ўсклікнула яна і кінулася да дзвярэй.
На дварэ свяціла сонейка, і ад учарашняга снегу толькі лужынкі адны засталіся. Відаць, ужо адышла пара ляжаць яму на двары.

Вясновая бярозка
Ніна Галіноўская

— Чаму ты, бярозачка, гэтак прыбралася?
У госці да клёна, напэўна, сабралася:
На кожнай галінцы вісяць завушніцы1,
Сукенка — сама пазайздросціць царыца.
— Хто з добрай душою — жаданы мой госць,
Для іх мой убор і мая прыгажосць.

Янкa Жypбa – Пчoлкa

Becнaвoe coнцa
Рocы пaдбipae.
Bылeцeлa ў пoлe
Пчoлкa зaлaтaя.
Ёй зa шчыpaй пpaцaй
Beceлa нa пoлi:
Лyг пpыбpaны ў квeткi
I нaўкoл paздoллe.
З paння дa змяpкaння
Пчoлкa зaлaтaя
Лётae пa квeткax
Ды мядoк збipae.
Шмaт caбpaлa пчoлкa
Мёдy з poзныx квeтaк,
— Дoмa iм пaкopмiць
Рoдныx пчoлaк-дзeтaк.
У вyллi paбoтa
Цэлы дзeнь кiпeлa.
Beчapaм з дaбычaй
Пчoлкa пpыляцeлa. 1922

Сінютка-Анютка
Ала Кажэра

Жыла-была дзяўчынка Зося. Яна вельмі любіла чытаць. Кожную літарку параўноўвала з якой-небудзь кветачкай ці раслінкай, малявала іх побач. Так атрымаўся незвычайны букварык у сшытачку.
Сярод усіх кветак Зосі асабліва падабалася кветачка на літару «С». Назвала яе Сінютка-Анютка. На кожным пялёстку Зося намалявала вочкі з вейкамі, часта размаўляла з Сінюткай-Анюткай, распавядала ёй пра свае школьныя справы.
Так прайшоў навучальны год. На канікулы маці адвезла Зосю да бабулі. Букварык свой дзяўчынка ўзяла з сабой.
Раніцай сонейка лагодна зазірнула праз фіранку на акенцы:
— Уставай, госця з горада! Выйдзі ў сад, там ты ўбачыш цуды незвычайныя.
Зося ціхенька выйшла на ганак. У садзе было ціха, нібы ў зачараваным царстве. Кветачкі яшчэ не прачнуліся, і галоўкі іхнія былі нізка схілены.
У цянёчку Зося ўбачыла прыгожую сінюю кветку. Яна была вельмі падобная на яе малюнак у самаробным букварыку.
— Дык гэта ж Сінютка-Анютка! — усклікнула Зося і загаварыла з кветачкай.
— Дзякуй, добрая дзяўчынка! — адказала кветка. — Я вельмі рада, што ты прыехала, а то мне тут сумна адной. Ветрык занёс насенне з лугу. Каля плота пад лопухам я і вырасла. Лопух мне як добры бацька: у спякоту захіляе ад яркіх промняў сонца, а раніцай поіць свежымі расінкамі. Ты прыходзь да мяне, дзяўчынка, кожны дзень. Будзем з табой сябраваць,
I Зося стала штодня наведваць Сінютку-Анютку. Паіла чыстай вадзіцай з калодзежа, ласкава дакраналася да сцяблінкі.
Жнівеньскімі ранкамі ўжо адчуваўся подых восені. Зося занепакоілася: што будзе з яе кветачкай? Як уратаваць сяброўку ад холаду?
I калі маці прыехала за дзяўчынкай, пачала прасіць:
— Мама, давай возьмем да нас Сінютку-Анютку.
— Якую Сінютку-Анютку? — здзівілася маці.
— Маю кветачку. Яна ў садзе расце каля плота. I Зося павяла маці знаёміць з Сінюткай-Анюткай.
Так кветачка стала жыць у прыгожым вазончыку на акне каля Зосінага ложка. Раніцай дзяўчынка віталася з Сінюткай-Анюткай. Кветка жадала ёй поспехаў у вучобе. Зося пачала вучыцца яшчэ лепей, і, калі чытала ўслых, кветачка на акенцы ўважліва слухала яе.
Сінютка нават дазволіла ўзяць адзін пялёстачак і пакласці замест закладкі ў дзённік. I адбыўся цуд: у дзённіку пачалі з'яўляцца толькі выдатныя адзнакі. Сінютка-Анютка пры гэтым гаварыла Зосі:
— За тваю дабрыню і я аддаю табе сваю. А дабрыня робіць цуды.
Так і жывуць яны, дзяўчынка Зося і кветачка Сінютка-Анютка.

Птушыныя напевы
Авяр’ян Дзеружынскі

Цінь-цінь, цінь-цінь,
Цінь-цінь, цінь-цінь —
Вясну вызваньвалі
Сінічкі,

Жыў-жыў, жыў-жыў,
Жыў-жыў, жыў-жыў
Пеў верабейка
Невялічкі.

Чуфыш-чуфыш,
Чуфыш-чуфыш —
Глушэц прысеў
На такавішча,
Ціві-ціві,
Ціві-ціві —
Бадзёра шпак вясёлы
Свішча.
Тра-ту, тра-ту,
Тра-ту, тра-ту —
Пяе пярэсты дзяцел
Звонка.
Званочкам

Срэбраным звініць
У небе

Песня жаваронка.
Усім
Так радасна вясной,
Калі прырода
Ажывае,

У кожнага
Есць голас свой,
Нават сама зямля
Спявае.

Няўжо вясна?
Іван Муравейка

— Вясна, вясна! — крычаць шпакі.
— Дзе? Дзе? — пытаюць ручайкі.
— Бяжым, мо стрэнем ля ракі!..
— Няўжо вясна? Адкуль? Калі? —
Здзівіўся парастак малы,
Не ўседзеў, выскачыў з зямлі.
Каб вясна хутчэй настала
Мікола Маляўка
Ручаёк бяжыць з падворка.
I сягоння не для ўцех
Шуфлік свой узяў Рыгорка.
Сонца дзівіцца здалёк,
А хлапчук працуе дбала —
Носіць снег у ручаёк,
Каб вясна хутчэй настала.
Ручаёк смялей пабег.
Сонца побач, на пагорку,
Плавіць, плавіць, плавіць снег,
Памагаючы Рыгорку.

Бярозавыя ледзянцы
Янка Галубовіч

Сакавік наступіў цёплы, па-сапраўднаму вясенні. Нагрэтае за дзень сонцам празрыстае паветра бадзёрыла пахучым водарам.
Неба было ўжо высокае і чыстае.
Зранку стаяў густы туман, усё было быццам ватай абкладзена. Пахла адсырэлай леташняй травою і лісцямі.
Снег зусім раскіс, ператварыўся ў кашу. 3 кожным днём яго заставалася ўсё менш і менш. На палянках і каля дарог з'явіліся праталіны.
Раніцаю зняў з вочапкі каля печы вядро і за вадою да студні пайшоў. Гляджу, ажно гусь лапу на падворку падціскае, сініцы ў садку пішчаць. «На сцюжу ўсё гэта», — падумалася.
Напрыканцы дня заўважыў, што куры рана на седала пачалі збірацца. «На мароз гэта», — адзначаю сабе.
Прыкметы і сапраўды спраўдзіліся. Вечарам хмары пацяжэлі, ніжэй да зямлі насунуліся. 3 іх густы снег пасыпаўся.
Ноччу памацнеў марозік, здаецца, наскрозь прашываў пранізлівы вецер. Па полі, ажно да самага небасхілу, закрываючы сабою шэрую сумную пустэчу, паўзлі пасмы снегу.
Праз дзень зноў усталявалася надвор'е. Вечарам, калі заходзіла сонца, перастаў шастаць у голым голлі дрэў, прыціх няўмольны халодны вецер. Зноў засвяцілася ўгары бледна-блакітнае з залацінкаю вясенняе неба.
Назаўтра цёплай і незвычайна цудоўнай раніцаю я пацягнуўся з саначкамі ў лес. Як ні кажы, а ў сілу ўбіралася вясна, трэба было прывезці крыху сухіх алешын і залатаць імі дзе-нідзе ў агародзе плот.
Хораша свяціла сонца. Снег, матава-шэры, не сляпіў вочы, свяціўся адзінокімі зорачкамі-крупінкамі. У лагчынах, падобныя на маленькія каламутныя азёрцы, стаялі лужыны вады.
Наблізіўся да ўзлеску. Тут ужо цінькалі сініцы. Бязладна плылі, чапляліся за макаўкі маладзенькіх бярозак клубчастыя, падобныя на кудзелю, пасмы туману.
Спыняюся і дзіўлюся. На адной бярозцы палавіна галінак абгрызена, з іх падаюць долу буйныя, з гарошыну, блакітныя кропелькі соку. Адна, другая, трэцяя...
На другім дрэўцы, у цяньку, на кончыках галінак ледзянцы вісяць. Яны, як і кропелькі, якія на снег капаюць, таксама блакітныя.
Каля бярозак у снезе віднеюцца ласіныя сляды. Значыць, што з галінак сок цячэ і ледзянцы на іх вісяць — лось у гэтым вінаваты. Гэта ён ноччу, каб голад уталіць, каля бярозак таптаўся, у госці да іх прыходзіў.
Даўно вядома, што сакавік вясною дрэвам сок пускае. Сталі сачыцца з пагрызеных галінак кропелькі бярозавіка, а ноччу, калі злёгку марозік прыціснуў, зацвярдзелі кропелькі, у ледзянцы ператварыліся.
Асцярожна дакранаюся рукою да галінкі і спрабую ледзянец на смак. Ён крыху халаднаваты і салодкі, што цукерка.
Вельмі ўжо захацелася мне пачаставаць бярозавымі ледзянцамі маленькага Міхаську, унука суседкі Просі. Але вось бяда: не данясеш іх у вёску, растануць ледзянцы. Зноў у блакітныя кропелькі бярозавіка абярнуцца.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.