Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 9 человек

Рыхтуемся да пазакласнага чытання

Дата: 8 февраля 2021 в 20:49, Обновлено 9 февраля 2021 в 13:43
465 просмотров

Аленчыны канькі
Ядвіга Бяганская
На школьным двары залілі вялікі каток, і цяпер з самага ранку тут стаіць вясёлы
гоман і смех.
Аленка з зайздрасцю назірае, як спрытна коўзаюцца аднакласнікі, якія фігуры выкручваюць на лёдзе. «Былі б у мяне канькі, я таксама не горш коўзалася б», — думае яна. Але канькоў у Аленкі няма. Ды і спадзявацца пакуль што не прыходзіцца: трэба справіць паліто старэйшай сястры, падрамантаваць кватэру…
— Чаму ты прыйшла на каток без канькоў? — цікавіцца Юрка.
Дзяўчынка не адказвае. Навошта?
— Хадзем, Аленка, я дам свае, — кажа, спыняючыся каля іх, Ганя.
— А я цябе навучу коўзацца, — дадае Янка. Аленка з удзячнасцю глядзіць на сяброў, і на яе твары ўспыхвае ўсмешка.
Яны падыходзяць да лаўкі. Ганя скідвае свае чаравікі з канькамі і, усунуўшы ногі ў Аленчыны боцікі, дапамагае ёй абуцца.
— Я ж коўзацца зусім не ўмею, — збянтэжана кажа Аленка, трымаючыся за Янкаву руку.
— Навучышся, гэта проста, — падбадзёрвае Янка і, сціснуўшы мацней Аленчыну руку, падае каманду:
— Правай-левай! Правай-левай! Зрабіўшы некалькі кругоў, Янка раптам выпускае яе руку:
— Ну а цяпер сама. Ды ты не бойся, не бойся!
— Ой! — палохаецца Аленка. Правая яе нага ўцякае ўперад, а левая чамусьці адстае, і дзяўчынка, узмахнуўшы рукамі, падае.
— Не бойся, яшчэ крыху павучымся, — смяецца Янка, і яны зноў коўзаюцца разам.
— Ну як, падабаецца? — пытае Ганя, калі Аленка з Янкам спыняюцца.
— Вельмі, — усміхаецца Аленка і пачынае расшнуроўваць чаравікі.
— Папрасі, каб і табе маці купіла канькі, — кажа сяброўцы Ганя. — Будзем разам коўзацца.
— Хіба пазней, — уздыхае Аленка і расказвае Гані пра свае хатнія клопаты.
— Ну, то прыходзь заўтра. Будзем на маіх па чарзе коўзацца.
Цяпер Аленка штовечар прыходзіць на каток. Ганя, угледзеўшы яе здалёк, спяшаецца насустрач. А з ёю Марынка, і Зося, і Верачка. Яны нават спаборнічаюць: хто першы ўгледзіць Аленку, той першы і канькі свае ёй аддае.

Людзей слухай, а свой розум май
Беларуская народная казка
ў апрацоўцы Алеся Якімовіча
Быў адзін дурнаваты чалавек. Захацелася яму пайсці на кірмаш. Злавіў ён белага пеўня, засунуў за пазуху ды пайшоў. «Прадам, — думае, — пеўня, куплю махоркі».
Яшчэ не дайшоў да кірмашу, а тут ужо яго і купцы сустракаюць:
— Што прадаеш, дзядзька?
— Пеўня, — кажа чалавек.
Дастаў ён з-за пазухі белага пеўня. Купцы паглядзелі, галовамі паківалі:
— Які ж гэта певень? Гэта ж заяц!
«Жартуюць, — думае дзядзька, — ліха ім!» Забраў пеўня ды ідзе далей.
Прайшоў крыху — другія купцы падбягаюць:
— Што прадаеш?
— Пеўня.
Паглядзелі:
— Які ж гэта певень? Гэта ж заяц!
Прыгледзеўся лепш чалавек і сам да свайго пеўня: «А можа, і заяц? — думае. — Не вер вачам! Відаць, праўда, калі ўсе як у бубен б’юць».
Прыйшоў ён на самы кірмаш. Людзей там так густа, што і яблыку няма дзе ўпасці.
Каля аднае крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі — пакупнікоў заклікаюць.
Такі шум, гоман на кірмашы, што чалавек ледзь не аглух.
Ачухаўся ён трохі і сам пачаў крычаць:
— Купіце зайца! Купіце зайца!
Падыходзіць да яго баба, дзівіцца:
— Які ж гэта заяц? Гэта ж певень!
Ды чалавек стаіць на сваім:
— Заяц, кажу табе, а не певень!
Сабралася куча народу. Жартуюць з бабы:
— Дзядзька праўду кажа! Ці ж ты не бачыш, што гэта заяц!
Тут ужо чалавек зусім паверыў, што прынёс ён на кірмаш зайца, а не пеўня. I калі хто з купцоў гаварыў цяпер, што гэта певень, а не заяц, дык ён ледзь не з кулакамі на яго кідаўся.
Хадзіў, хадзіў чалавек па кірмашы з пеўнем, і ўсё яму здавалася, што гэта не певень, а заяц.
Надакучыла пеўню цягацца з чалавекам — пара б ужо і на седала збірацца! Залопаў ён крыламі ды як закрычыць на ўвесь кірмаш:
— Ку-ка-рэ-ку!
Пачуўшы гэта, чалавек зусім збіўся з панталыку: заяц, а пеўнем спявае! Выкінуў ён пеўня з-за пазухі, плюнуў ды пайшоў дахаты.
Праўду кажуць старыя людзі: не той дурань, каго завуць дурнем, а той дурань, хто чужым розумам жыве.
Людзей слухай, а свой розум май.

СВЕТА З ІНТЭРНЕТА
Уладзімір Мазго
Кожны дзень
суседка Света
не вылазіць
з інтэрнета,
замяняе
інтэрнет
для Святланы
цэлы свет.
Толькі ў свеце
віртуальным
сумна Свеце
без рэальных
і спагадлівых
сяброў,
без ракі,
грыбных бароў.
Не заменяць
цуды веку
чалавеку -
ЧАЛАВЕКА.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.